Палітвязень Міхаіл Жамчужны: «Абсалютна не баюся»

Посмотреть оригинал

19 лютага з калоніі ў Горках вызваліўся Міхаіл Жамчужны. Чалавек пакручастага лёсу сядзеў аж двойчы: у апошні раз атрымаў 6,5 года і быў прызнаны палітвязнем. Наша Ніва распытала Жамчужнага пра яго адсідку, ўражанні ад волі і далейшыя планы на жыццё. Прапануем часткова.

Фота «Віцебскай Вясны»

— Віншуем з вызваленнем!

— Дзякуй вялікі! Калі шчыра, то вызваленне было нечаканым — я рыхтаваўся яшчэ прысесці па 411-м артыкуле гады на два («Злоснае непадпарадкаванне патрабаванням адміністрацыі папраўчай установы»). Бо я ж быў злосны парушальнік, у мяне больш за 80 парушэнняў. За такія рэчы не адпускаюць — і я не ведаю, чаму са мною так адбылося.

— Вы адсядзелі ад званка да званка?

— Так. Па 411-м мяне ўсё ж не судзілі, але быў суд, на якім далі прэвентыўны нагляд. Мне забаронена цяпер пакідаць горад, выходзіць з хаты з 9-й вечара і да 6-й раніцы, трэба двойчы на месяц адзначацца ў міліцыю. Усе магчымыя абмежаванні мне далі.

Я да апошняга моманту не верыў, што мяне адпускаюць. Бо бачыў, што сёння адбываецца з журналістамі, актывістамі, блогерамі.

Але скажу яшчэ так: сядзець у штрафным ізалятары было нават трохі прасцей і спакайней, чым знаходзіцца цяпер на волі. Я столькі часу правёў у адзіночнай камеры, што цяпер выйсці на вуліцу… Блізкасць людзей мяне трохі канфузіць.

— А дзе вы цяпер жывеце?

— Я ў сваёй кватэры, яна мне яшчэ належыць. Кватэра на месцы, але ў ёй амаль пуста, няма ні посуду, ні крэслаў. Куды гэта ўсё падзелася, я пакуль не ведаю. Жыллё стаяла пустое, тут жылі сваякі месяцы два.

Ложак хаця б ёсць: крэсла раскладное. Але гэта не праблема, бо я баяўся, што саму кватэру канфіскуюць. Ды і не да мэблі пакуль, бо я заняты іншым. Мне шмат даручэнняў далі асуджаныя, трэба з гэтым спачатку разабрацца.

— Што за даручэнні? Перадаць нейкія вестачкі?

— Не. Асуджаных жа сур’ёзна прыгнятаюць, людзі атрымліваюць па 100 сутак ізалятара.

Адзін мой знаёмы разгарнуў бел-чырвона-белы сцяг перад адміністрацыяй калоніі, цяпер яго пераследуюць. І ён прасіў, каб я паведаміў праваабарончым арганізацыям, каб яго прызналі палітвязнем.

***

— Якая можа быць палітычная барацьба, калі ты — асуджаны ў калоніі?

— Вельмі сур’ёзная. Па-першае, вакол лідараў фарміруецца кантынгент з іншых асуджаных. А група людзей ужо можа дыктаваць умовы адміністрацыі: абвяшчаць забастоўкі, напрыклад. Група аднадумцаў у калоніі можа адстаяць шмат сваіх інтарэсаў.

— А да вас даходзілі ў калонію навіны з волі? Ведалі, што адбывалася ў краіне, пачынаючы са жніўня 2020?

— Так, прыходзілі газеты — «Белгазета», «Новы час», «Народная воля», часопіс «Наша гісторыя». Мы абмяркоўвалі навіны пра пратэсты, пра вынікі выбараў.

— І як, большасць за каго выказвалася?

— Былі такія, хто падтрымліваў Лукашэнку, але большасць была за Ціханоўскую. Усе спадзяваліся, што ўлада зменіцца і заканадаўства нарэшце пачне працаваць.

— Паўсюль жа пісалі, што вы амаль увесь час былі ў штрафным ізалятары. Як маглі абмяркоўваць навіны з іншымі асуджанымі?

— Я сутак 100 быў у ізалятары, а пасля мне давалі месяц у памяшканні камернага тыпу. Там я таксама быў адзін, але можна было размаўляць праз кармушку з людзьмі, якія ў іншых камерах. Ну і там была магчымасць перадаваць запіскі — я нават і газеты перадаваў часам.

***

— Вы самі кажаце, што амаль пастаянна былі ў штрафным ізалятары. Чаму так?

— У ізалятары я быў са жніўня 2017 года, калі трапіў у гэтую калонію №9 у Горках.

Раней, у калоніях №14 пад Барысавам ці №11 у Ваўкавыску, праблем не было. А ў гэтай калоніі выконвалася «тэлефоннае права», і мяне з першых жа дзён пачалі сур’ёзна прэсаваць і правакаваць. І я быў вымушаны пакінуць жылую зону і патрабаваць абароны сваёй бяспекі ў адзіночнай камеры. Пасля гэтага мяне пачалі трымаць у штрафным ізалятары.

520 сутак я так прасядзеў.

Лаўку адкідвалі толькі на ноч, але спаць на ёй было немагчыма, бо вельмі холадна. Уначы можна было існаваць толькі так: гадзіну займаешся фізкультурай, гадзіну спіш, пакуль цела разагрэлася. Пасля прачынаешся — усяго трасе. У мяне там упершыню ў жыцці зубы грукалі ад холада, цела калаціла.

Ну і ўстаеш, займаешся спортам гадзінку, затым гадзіну спіш.

***

— Вы не працавалі ў калоніі?

— Не, я ўжо быў пенсіянерам, мяне не прыцягвалі да працы. А з ізалятара ўвогуле не выпускаюць. Я проста ўвесь дзень праводзіў у камеры: без кніжак, ручкі, паперы. Мыла, зубная шчотка і вопратка, якая на мне. У ізалятары ўсё зроблена для таго, каб асуджаны больш туды не захацеў.

Але ў мяне іншага выбару не было — я быў вымушаны забяспечваць самаізаляцыю ад кантынгента.

— Што вы рабілі ў камеры? Як не з’ехаць з глузду?

— Ну, па-першае, я займаўся спортам. Гадзіну ўдзень, 3-4 гадзіны ўначы.

Ну і я ж былы навуковец, адпаведна, маю ў галаве шмат інфармацыі. І я проста абдумваў распрацоўкі, тэхналогіі ў галаве. Напісаў манаграфію на беларускай мове па плазменнай апрацоўцы: спачатку ўсё фарміруеш у галаве, а пасля, калі праз 100 сутак адпраўляюць у памяшканне камернага тыпу, там даюць паперу. І можна свае думкі запісаць.

— Да гэтай адсідкі вы сядзелі з 2007 па 2012 год. Калі было цяжэй? У першы раз ці другі?

— Ведаеце, цяжка не было ні тады, ні цяпер. У мяне была складаная праца ў навуцы, я вёў тры праграмы, чытаў лекцыі студэнтам. Меў бяссоніцу, спаў 4 гадзіны за ноч. Мазгі загружаныя, карацей.

А калі сеў — проста ўдыхнуў жыццё, убачыў неба (пасміхаецца). Пачаў займацца спортам. Адпачываў, можна сказаць, на волі мне жылося нашмат цяжэй.

— Чаго больш за ўсё не хапала за кратамі?

— Ну, кормяць там няблага… Не хапала, напэўна, камп’ютара, крыніц інфармацыі, літаратуры.

— Вы былі ў трох калоніях: Горкі, Ваўкавыск, Навасады…

— І ў пяці турмах! Валадарка, СІЗА ў Віцебску…

Лягчэй за ўсё было ў Магілёве, Гродне і Жодзіне. Там адміністрацыя не карала абы-за што, нармальная ежа, можна існаваць.

А ў Віцебску я пастаянна быў у карцары. Там зняволеныя проста маглі падкласці табе ў боты лязо ад брытвы, нібыта ты сам яго там схаваў. А гэта ж забаронена — адпаведна, сутак 40 я правёў у карцары пасля такіх правакацый.

***

— Што будзеце рабіць цяпер на волі? Чым зарабляць?

— Я пенсіянер, маю пенсію. Але хачу вярнуцца ў «Платформу» і займацца абаронай правоў зняволеных. Сваякоў блізкіх у мяне няма, няма жонкі, дзяцей. Адпаведна, я вельмі свабодна сябе адчуваю — бо мяне нельга шантажаваць блізкімі.

— А не баіцеся, што вас зноў пасадзяць?

— Канечне, не выключаю такой магчымасці. Але дастаткова адаптаваны да крыміналу, адчуваю сябе ў калоніі даволі проста. Скажу шчыра, што быць у калоніі, што тут у кватэры — для мяне аднолькава. І там замкнёная прастора, і тут. І там я быў адзін — і тут я адзін. У калоніі яшчэ кормяць, апранаюць, ахоўваюць, а тут я ў любы момант магу трапіць пад напад завербаваных супрацоўнікаў, тут трэба думаць, што паесці, дзе ўзяць грошы.

Я праехаў амаль па ўсіх турмах і калоніях, мяне паўсюль ведаюць і паважаюць. У мяне ніколі не было праблем з крыміналам, які не супрацоўнічае з адміністрацыяй, а жыве «па паняццях». Мяне ніхто не лічыць «апушчаным» ці «пакрыўджаным».

Таму я абсалютна не баюся. І маю намер працягваць праваабарончую дзейнасць.

0
Минск
2°
плотный туман
влажность: 100%
ветер: 4Миз ЗЮЗ
Ш 3 • Д 3
6°
Пт
2°
Сб
2°
Вс
3°
Пн
Weather from OpenWeatherMap

Последние новост